Ідзе ацэнка беларускіх нафтатранспартных прадпрыемстваў
Кошт актываў аператараў транспарту нафты "Гомельтранснафта "Дружба" і "Полацктранснафта "Дружба" будзе вызначаны ў траўні.
Пра гэта 21 красавіка паведаміў старшыня Дзяржкаммаёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў.
Ён праінфармаваў: "Што тычыцца нашых прадпрыемстваў па транспарце нафты — гэта гомельская і полацкая "Дружба", то цяпер мы вядзем іх ацэнку. Гэтую працу мы разлічваем завяршыць пры канцы траўня". Кузняцоў адзначыў, што да ацэнкі актываў не прыцягваюцца замежныя незалежныя ацэншчыкі.
Паводле інфармацыі Дзяржкаммёмасці, ААТ "Гомельтранснафта "Дружба" і ААТ "Полацктранснафта" Дружба" не ўключаныя ў план прыватызацыі на 2011-2013 гады. Аднак ён не выключыў уключэння іх у такі план, калі будзе "зробленае даручэнне ад кіраўніка дзяржавы". На думку Кузняцова, зараз інвестары не зацікаўленыя ўкладаць сродкі ў актывы беларускіх нафтатранспартных прадпрыемстваў: "Некалькі гадоў таму — гады два таму — інтарэс быў высокі, а цяпер — не, не надта цікавяцца".