21 верасня беларусы адзначаюць свята Багача

У гэты дзень нашы продкі падводзілі вынікі сваёй летняй дзейнасці, ацэньвалі сабраны ўраджай i дзякавалі Багам i Духам за дапамогу. Дбайны гаспадар імкнуўся да Багача закончыць усе палявыя работы і нават пачысціць і схаваць да вясны земляробчы інвентар.

“Багачом” называлi таксама кошык з жытам i свечкаю. З ім абыходзiлi ўсе двары ў вёсцы, а на заканчэнне заганялi на выгане статак i абносiлi вакол яго “багач”. Пасля свята яго ставiлi ў хаце пэўнага гаспадара i пакiдалi да наступнага жніва. Народ верыў, што “багач” забяспечвае дому багацце i шчасце.