23% палякаў лічаць Беларусь дэмакратычнай краінай
А 3/4 з іх баіцца, што падтрымка Беларусі паўплывае на стасункі Польшчы з Расіяй.
Даследаванні наконт таго, што палякі думаюць пра Беларусь, былі прэзентаваныя ў Варшаве. Апытанне праводзіў польскі Інстытут Millward Brown, паведамляе Польскае радыё.
Кожны другі паляк заяўляе, што апошнім часам меў кантакт з якой-небудзь інфармацыяй наконт Беларусі. І найчасцей пра гэта кажуць мужчыны ды асобы, якім больш за 45 гадоў.
Таксама паведамляецца, што толькі 44% палякаў ведае імя прэзідэнта Беларусі. Дарэчы, года таму правільны адказ на гэтае пытанне давалі 58% палякаў.
Палякі ў пераважнай большасці ацэньваюць Беларусь як дзяржаву, якая абмяжоўвае свабоды грамадзян. Аднак 23% (найчасцей гэта жанчыны і жыхары вёсак) мяркуе, што Беларусь — дэмакратычная краіна.
Большасць палякаў падтрымлівае дзейнасць польскага ўраду на карысць беларускага грамадства. Але пры гэтым 42% выступаюць супраць фінансавання няўрадавых і апазіцыйных структур.
Дарэчы, 71% палякаў мяркуе, што бліжэйшыя два гады Лукашэнка надалей будзе кіраваць Беларуссю.
Фота — belvpo.com