24 лістапада — гадавіна прысуду Алесю Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года. Яму інкрымінавалі ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі праваабаронцы за мяжой — у Літве і Польшчы. На гэтыя рахункі паступалі сродкі на праваабарончую дзейнасць.

Паколькі цэнтр “Вясна” не мог атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, то немагчыма было атрымліваць грошы на яго легальным чынам. Сродкі паступалі непасрэдна на імя Алеся Бяляцкага, а таксама яго паплечніка па “Вясне” Валянціна Стэфановіча, які атрымаў буйны штраф.

Алесь Бяляцкі прызнаны вязнем сумлення. Сёлета ён быў адным з намінантаў на Нобелеўскую прэмію міра.