25 снежня ў Мінску пройдзе "Калядны фэст"
У беларускай сталіцы ён праводзіцца ўжо чацвёрты раз.
“Калядны фэст” — гэта не толькі своеасаблівая справаздача за год аб развіцці музыкі фолькавага кірунку ў нашай краіне, але і спроба паказаць повязь сучаснасці з мінулымі часамі.
Гурт Rokash збіраецца прэзентаваць на фэсце абсалютна новую песню “Ноч лістапада”. Таксама выступяць Znich і лідары беларускай сярэднявечнай музыкі — "Стары Ольса". Апошнія на фэсце зайграюць кампазіцыі, якія самі музыкі толькі нядаўна “расчыталі”, сярод іх — мелодыі з “Полацкага сшытка”. На "Калядным фэсце" будзе нямала і дэбютантаў.
Апроч выступлення гуртоў, арганізатары абяцаюць наведвальнікам сярэднявечныя танцы, а таксама конкурсы, падарункі і сюрпрызы.
“Калядны фэст” пройдзе 25 снежня ў сталічным клубе Re:public, пачатак а 18-й гадзіне.