Абаронцы Курапатаў сустрэліся з чыноўнікамі Мінкульту
13 снежня іх прыняў начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі.
У каментары Еўрарадыё сябра міжнароднай арганізацыі "Мемарыял" Уладзімір Раманоўскі адзначыў, што вынікамі сустрэчы яны былі задаволеныя. Нагадаем, што Мінкульт спыніў будаўніцтва так званага "Бульбаш-хола", бо чатыры дамкі парушылі ахоўную зону Курапатаў.
Раманоўскі: "Абсалютна дакладна заяўлена, што было парушэнне ахоўнай зоны, спынена будаўніцтва, і (забудоўшчыку. — Еўрарадыё) прапанавалі скарэктаваць праектныя матэрыялы. Пакуль што з боку забудоўшчыка не было ніякіх выхадаў на Міністэрства культуры ў плане ўзгаднення. Але мяркуецца, што хутчэй за ўсё будуць".
Раманоўскі кажа, што абмяркоўваць абарону Курапатаў неабходна прынамсі на ўзроўні міністра культуры.
Дарэчы, у наступным годзе адзначаецца 25-годдзе з часу адкрыцця Курапатаў. З гэтай нагоды прадстаўнікі грамадскай ініцытывы па абароне Курапатаў выказалі свае прапановы па ўпарадкаванні мемарыялу.