Аб'яднаная апазіцыя правяла першую сустрэчу
Паводле Віталя Рымашэўскага, распрацоўваліся планы восеньскіх акцый.
Прадстаўнікі 6 найбуйнейшых партый і рухаў 29 чэрвеня заявілі пра сваё аб'яднанне. 7 ліпеня адбылося паседжанне новааб’яднанай апазіцыі. Пра яго Еўрарадыё распавёў Віталь Рымашэўскі.
Еўрарадыё: Цяпер прайшло першае паседжанне, чым было выклікана, якой неабходнасцю?
Рымашэўскі: “Паседжанне было чарговым. І мы вялі гутарку пра канкрэтныя планы супольнай дзейнасці. Я не магу іх анансаваць, бо па дамоўленасці, мы будзем іх анансаваць усе разам, пасля таго як будуць узгодненыя усе пункты. Недзе праз тыдзень вы зможаце пачуць пра фармат удзелу ў восеньскіх акцыях і пра іншыя планы. Гутарка тычылася надзённых патрэбаў – каардынацыя дзейнасці ў акцыях пратэсту, магчыма ініцыяцыя акцыяў, ініцыянаванне нейкіх новых форм пратэсту, таксама бягучае пытанне, што тычыцца палітвязняў”.
Еўрарадыё: Можна сказаць, што вы выпрацоўвалі агульную стратэгію дзеяння на бліжэйшы час?
Рымашэўскі: “Можна так сказаць. Хутчэй нават план, а не стратэгію, бо стратэгічныя рэчы былі абмеркаваныя раней і такі дакумент, як стратэгія або нешта падобнае, будзе агучаны пазней. Стратэгічных разыходжанняў у нас няма, таму і было магчымым падпісанне гэтага пагаднення. Зараз ідзе абмеркаванне канкрэтных планаў”.
Еўрарадыё: Некаторыя ўдзельнікі аб’яднанай апазіцыі асобна ад сваіх партыяў ці рухаў асуджалі дзеянні ўладаў у дачыненні да грамадзянаў, якія выходзяць на акцыі “маўклівага” пратэсту. Ці будзе ад аб’яднанай апазіцыі агульны зварот з такімі асуджэннямі? Ці абмяркоўвалася гэтае пытанне?
Рымашэўскі: “Абмяркоўвалася. І ён, безумоўна, будзе. І не толькі зварот, а нейкія супольныя дзеянні ў гэтым кірунку”.
Еўрарадыё: Ці прысутнічалі ўсе шэсць прадстаўнікоў, якія абвясцілі пра стварэнне агульнай платформы?
Рымашэўскі: “Безумоўна. Усе рашэнні прымаюцца кансенсусам і таму наяўнасць усіх вельмі важная”.
Нагадаем, 29 чэрвеня на офісе Партыі БНФ прадстаўнікі 6 партыяў і рухаў абвясцілі пра стварэнне агульнай платформы. Прысутнічалі: ад аргкамітэта па стварэнні палітычнай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя» - Віталь Рымашэўскі, ад Партыі БНФ - Ігар Лялькоў, ад аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Гавары праўду" – Сяргей Вазняк, ад Руху "За свабоду" - Аляксандр Мілінкевіч, ад Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі - Анатоль Лябедзька, ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" - Сяргей Калякін.