Ад 12 чэрвеня на мінскім стадыёне будуць прадаваць піва
На хатняй арэне мінскага “Дынама” — стадыёне "Дынама-Юні" ў Кунцаўшчыне будуць прадаваць цёмнае і светлае нефільтраванае піва.
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе сталічнага футбольнага клуба. Прадаваць піва будзе рэстаран “Ракаўскі бровар”.
Прэс-служба "Дынама": “Продаж будзе ажыццяўляцца ў намётах “Ракаўскага бровара”. Гэта робіцца для заўзятараў. Зараз лета, спёка. Заўзятар зможа прыйсці на футбол і набыць сабе не толькі хот-дог, цяпер яшчэ і піва”.
У прэс-службе “Дынама” лічаць, што гэта нармальная практыка: на “Мінск-Арэне” піва прадаюць ужо даўно, і ўсе задаволеныя.
У рэстаране “Ракаўскі Бровар” кажуць, што будуць прадавацца два гатункі піва: светлае “Грашовае” і цёмнае “Старавіленскае”. З коштамі пакуль не вызначыліся. Па словах супрацоўніка рэстарана, на стадыёне піва хутчэй за ўсё будзе каштаваць танней, чым у самім рэстаране (14 тысяч рублёў за 0,5 літра піва). На продаж піва “Ракаўскі бровар” атрымаў спецыяльны дазвол.
Супрацоўнік рэстарана: “Хутчэй за ўсё распіваць можна будзе за столікамі. А ці можна будзе праходзіць з півам на трыбуну, будзе вырашаць міліцыя. Адразу за металашукальнікамі стаяць нашы намёты. У адным з іх будуць прадаваць разліўное нефільтраванае піва ў пластыкоўках аб’ёмам 0,5 літра. Набываць піва можна будзе на працягу ўсяго матчу”.