Аддзелы культуры абавязалі набываць аршанскі лён?

Міністэрства культуры Беларусі абавязала раённыя аддзелы культуры набываць льняную тканіну Аршанскага льнокамбіната. Пра гэта паведаміў на ўмовах ананімнасці супрацоўнік глыбоцкага аддзела культуры.

Па яго словах, Глыбоцкаму аддзелу культуры неабходна набыць 120 пагонных метраў гэтай тканіны на працягу года. Аддзел культуры вымушаны даваць справаздачу перад вышэйстаячымі ўстановамі аб выкананні гэтай пастановы. “Отдел культуры Глубокского райисполкома информирует что, согласно приказа управления культуры "О заданиях по закупке продукции РУПТП "Оршанский льнокомбинат" в 2011 году от 16.03.2011г. №15 закуплено 40 погонных метров льняной ткани Оршанского льнокомбината,” – гаворыцца ў адной са справаздач.

Той жа супрацоўнік далей паведаміў: “Быў я ў мінулым годзе на гэтым камбінаце. Вырабы іхнія сапраўды добрай якасці. Пытаюся, чаму не рэкламуеце сваю прадукцыю, не прасоўваеце яе на рынку? Мне адказалі: а нашто? Каму трэба, прыедуць і купяць.”