Адкрылася частка экспазіцыі Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

На гэтым будынку ў свой час спыніў выбар сам мастак. Экспазіцыя, прысвечаная творчасці Савіцкага, размешчана ў дзевяці залах — тут прадстаўлена каля сарака работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея гісторыі горада Мінска, а таксама сям’і мастака, паведамляе БелаПАН.

У галерэі адноўлены інтэр’ер рабочага кабінета ў творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама абстаноўка яго майстэрні. Тут экспануецца незакончаная карціна Савіцкага, прысвечаная дзіцячаму лагеру смерці Скабраўка пад Мар’інай Горкай, дзе ў юных вязняў забіралі кроў для нямецкіх салдат.