Адкрыццё міні-ГЭС на Мухаўцы адкладваецца

Мінігідраэлектрастанцыю ў Залуззі Жабінкаўскага раёна мелі запусціць у чэрвені, аднак і сёння пакуль толькі чакаюць наладчыкаў абсталявання, якое паставіла аўстрыйская фірма “S.+M.Jank”. Пра гэта паведамілі ў пінскай фірме-забудоўшчыку з беларускага боку “Днепрабугводшлях”.

“Аўстрыйцы, якія  наладжваюць аўтаматыку, маюць прыехаць сёння на пуск-наладку. Крыху пуск зацягнуўся. У іх жа таксама ёсць свае нейкія пытанні”, — сказаў супрацоўнік.

Наладачныя работы, па яго словах, могуць заняць каля тыдня.

Між тым на сайце пінскай фірмы пазначана, што “Днепрабугводшлях” “ніколі не падводзіць заказчыкаў, забяспечвае выкананне ўсіх работ з высокай якасцю і ў вызначаныя тэрміны”. Апошнія тры гады запар “Днепрабугводшлях” заносілі на Рэспубліканскую Дошку гонару.