Аксану Пачобут цкуюць ананімныя “добразычліўцы”
Жонка гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута знайшла ў паштовай скрынцы ананімны здзеклівы ліст, падпісаны словамі “беларускія патрыёты”.
Тэкст зроблены ў форме віншавання з днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь, паведамляе Радыё Свабода. Спадарыні Аксане невядомыя “добразычліўцы” пішуць наступнае: “Ваш муж з’яўляецца для нас непараўнальным прыкладам барацьбіта за ідэю, які, не зважаючы на жонку і малалетніх дзяцей, свядома ішоў да канца за эфемернае “шчасце” стаць сімвалам і ўзнесціся ў вачах вузкага кола польскіх палітычных дылетантаў”.
Суд над Андрэем Пачобутам, карэспандэнтам “Газеты Выборчай” працягнецца 5 ліпеня ў Ленінскім раённым судзе Гродна. Журналісту выстаўлена абвінавачанне ў абразе прэзідэнта і паклёпе на яго. Пракурор запатрабаваў зняволіць Андрэя Пачобута на тры гады.