Алена Каваленка: Сябры заклікаюць Сяргея спыніць галадоўку
Каб захаваць жыццё. Віцебскі актывіст КХП-БНФ ужо 57 дзён галадае за кратамі.
Паводле слоў жонкі Сяргея Алены Каваленкі, яго стан здароўя ўсё больш пагаршаецца.
Алена Каваленка: "Сяргей у дрэнным стане, ён працягвае галадоўку. Сёння ўжо 57-ы дзень галадоўкі. У пятніцу ў яго адвакат быў, сказаў, што ён вельмі дрэнна выглядае, што пагоршыўся яго стан, што адмаўляцца ад галадоўкі ён не плануе".
Нагадаем, Каваленку ад 22 снежня трымаюць у віцебскім СІЗА. Яго абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг). 21 лютага ў Першамайскім раённым судзе мусіць пачацца суд. Амаль два месяцы Сяргей Каваленка трымае галадоўку, нягледзячы на тое, што яго спрабавалі прымусова карміць. На мінулым тыдні еўрадэпутат Марэк Мігальскі заклікаў старшыню Еўрапарламента Марціна Шульца тэрмінова заняцца справай беларускага апазіцыянера, каб выратаваць яму жыццё.
І Алена Каваленка, і паплечнікі Сяргея заклікаюць яго спыніць галадоўку, але ён пакуль адмаўляецца. Заўтра Сяргея Каваленку зноў наведае адвакат і можна спадзявацца з'яўлення новых звестак пра стан яго здароўя.
Фота — news.vitebsk.cc