Алімпійскі агонь прыбыў у Лондан
Эстафета алімпійскага агню напярэдадні ХХХ летніх Гульняў увайшла ў завяршальную стадыю — паходню з полымем даставілі ў сталіцу Вялікабрытаніі.
Лондан у трэці раз за ўсю гісторыю прымае галоўную спартовую падзею планеты, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на замежныя інфармагенцтвы. Алімпійскі агонь прайшоў шлях болей за 12,5 тысяч кіламетраў і быў дастаўлены ў Таўэр на верталёце з графства Кент. Афіцэр Каралеўскай марской пяхоты Марцін Уільямс дэсантаваўся да брамы старажытнай крэпасці па канаце з 60-метровай вышыні. На яго поясе быў замацаваны кантэйнер з полымем унутры, ад якога была запаленая алімпійская паходня.
Цяпер засталося пранесці гэтую паходню яшчэ 320 км — гэта завяршальны этап эстафеты па тэрыторыі Лондана.
За тыдзень алімпійскі агонь наведае ўсе 33 раёны горада, будзе вандраваць на верхнім ярусе двухпавярховага лонданскага аўтобуса, а таксама на метрацягніку па адкрытым участку пуцей. Частку маршрута паходня пройдзе па Тэмзе на барцы каралевы Элізабэт ІІ “Гларыяна”.