Аляксандр Глеб працягне ў Мінску курс аднаўлення пасля аперацыі
Вядомы футбаліст 29 траўня прыляцеў у Беларусь.
На радзіме ён працягне аднаўляцца пасля цяжкай траўмы калена, атрыманай два тыдні таму ў Англіі, піша "Прессбол".
Лекарскі кансіліум у лонданскай клініцы пагадзіўся, што аперацыя на калене Глеба прайшла паспяхова. Пакуль што спартоўцу прапісалі 6 тыдняў поўнага спакою.
Перасоўваецца футбаліст пакуль што на мыліцах. А каб цягліцы мелі нагрузку, лекары прадаставілі яму спецыяльны апарат. Яшчэ адзін апарат для аднаўлення прапанаваў Глебу старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі.
У канцы чэрвеня футбаліста яшчэ раз агледзяць лекары ў Лондане. Акрамя таго, кожныя 15 дзён яго будуць аглядаць у Барселоне: тамтэйшыя лекары ўсталявалі над яго акрыяннем поўны кантроль.