Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад паездкі ў Чарнобыль
Віктар Януковіч і Дзмітрый Мядзведзеў правядуць сустрэчу без яго.
Трохбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расіі мусіла адбыцца сёння ў Чарнобылі. Аляксандр Лукашэнка, Віктар Януковіч і Дзмітрый Мядзведзеў павінны былі сумесна ўшанаваць памяць ахвяраў катастрофы, якая адбылася 25 гадоў таму, паведамляе УНІАН.
Аднак, як інфармуе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу беларускага кіраўніка, Лукашэнка не плануе сёння ехаць ва Ўкраіну. Ён працягне традыцыйную паездку па Гомельскай вобласці.
Як мяркуе Газета.ru, кіраўнік Беларусі вырашыў праігнараваць сустрэчу "з-за крыўды на Януковіча". Нагадаем, у сакавіку ўкраінскім уладам давялося вырашаць "праблему Лукашэнкі", які быў запрошаны на міжнародную канферэнцыю “Дваццаць пяць год Чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні” (яна днямі прайшла ў Кіеве).
Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу адзінай умовай свайго ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве назваў адсутнасць на ім Аляксандра Лукашэнкі. Украінскі бок не мог праігнараваць такога пажадання, бо адной з галоўных мэтаў канферэнцыі быў збор сродкаў для заканчэння пабудовы саркафага на Чарнобыльскай АЭС. Таму было вырашана развесці візіты Барозу і Лукашэнкі па часе. Як паведамлялі яшчэ ў сакавіку "Украинские новости", кіраўнік Беларусі мусіў прыехаць не на канферэнцыю, а на сустрэчу з прэзідэнтамі Ўкраіны і Расіі.
Расійскі палітолаг Кірыл Коктыш дадае, што Лукашэнка мае прэтэнзію не толькі да Кіева, але і да Масквы, якая "дагэтуль не выдзеліла абяцаны крэдыт у 1 мільярд долараў", які жыццёва неабходны беларускай эканоміцы. І. магчыма, беларускі кіраўнік такім чынам "выказвае сваё незадавальненне", падкрэслівае эксперт.
Фота — president.gov.ua