Аляксандр Рыбак зноў хоча на “Еўрабачанне” (відэа)

Нарвежац беларускага паходжання Аляксандр Рыбак напісаў песню “I'm with you” для ўдзельніцы нацыянальнага нарвежскага адбору на “Еўрабачанне” Ансафі Петэрсан, паведамляе прэс-служба Рыбака. Нагадаем, сам музыка заняў першае месца на “Еўрабачанні-2009”.

З 18-гадовай Ансафі Петэрсан Рыбак пазнаёміўся на нарвежскім "Х-фактары", дзе спявачка заняла трэцяе месца ў 2010 годзе. Пасля гэтага Аляксандр запрасіў спявачку ў свой калядны канцэрт. Таксама ён заспяваў з дзяўчынай дуэтам кавэр на песню "Baby it's cold outside", якая ўвайшла ў альбом “Christmas Tales” у лістападзе 2012 года.

У Нарвегіі ўжо прайшоў паўфінал нацыянальнага адбору, дзе Ансафі аказалася яўнай лідаркай. Фінал адбору адбудзецца 9 лютага. Апроч аўтарства музыкі і словаў, Рыбак асабіста выконвае ў песні партыю скрыпкі.