Аляксандра Крутога будуць паўторна судзіць
Як паведаміла яго дачка Інэса, працэс пачнецца 19 сакавіка ў Маскоўскім судзе сталіцы.
Як паведамляе БелаПАН, 10 лютага Мінгарсуд разглядаў касацыйную скаргу на прысуд ад 6 снежня і накіраваў справу зноў у раённы суд. З-пад варты Крутога не вызваляюць, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА №1 — славутай "Валадарцы".
Нагадаем, што ўвосень мінулага года Круты прадстаўляў у судзе па тэракце ў метро інтарэсы сваёй пацярпелай дачкі. Аднак пасля некалькіх хадайніцтваў яго ўзялі пад варту і абвінавацілі ў хуліганстве. Сярод іншага мінчук прапановаў адкласці суд да часу, пакуль у Беларусі не адменяць смяротнае пакаранне.
За кратамі медэксперты прызналі Крутога бессвядомым. 6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў ужыць да яго прымусовыя меры бяспекі і лячэння.