Амерыканскія акцёры будуць хаваць свой узрост
Прынамсі, яны будуць дамагацца таго, каб рэальную дату нараджэння не публікавалі без іх згоды.
Амерыканская гільдыя кінаакцёраў і Амерыканская федэрацыя артыстаў тэлебачання і радыё раскрытыкавала сайт Internet Movie Database за выстаўленне ў адкрыты доступ дат і гадоў нараджэння работнікаў творчага цэху, паведамляе ВВС.
На думку прафсаюзаў, гэта спрыяе ўзроставай дыскрымінацыі і замінае акцёрам і актрысам атрымліваць ролі. Яны заклікаюць уладальнікаў сайту ўсвядоміць сваю адказнасць і спыніць такую практыку. Маўляў, рэальны ўзрост артыстаў не мае значэння, важна тое, як яны выглядаюць і якія ролі могуць граць.
На сайце ёсць інфармацыя пра тысячы амерыканскіх акцёраў і актрыс. Большасць з іх не з’яўляецца знакамітасцямі, затое шырока выкарыстоўваецца пры кастынгу на ролі. Згодна з распаўсюджаным меркаваннем, узрост персанажа можа быць плюс-мінус пяць год ад рэальнага ўзросту выканаўцы. Публікацыя дадзеных, лічаць прафсаюзы, звужае гэты дыяпазон і, адпаведна, творчыя магчымасці.