Аплаціць валютны крэдыт рублямі наперад не атрымаецца

У “Белаграпрамбанку”  пагашаць рублямі можна толькі бягучыя плацяжы. “Так, за красавік вы можаце аплаціць беларускімі рублямі па курсе свой валютны крэдыт”.

 У банку запэўнілі, што валюта на тых, хто атрымоўвае валютныя пераводы, знойдзецца.

А вось у “Беларусбанку” валютныя крэдыты можна аплочваць беларускімі рублямі і датэрмінова. Але для гэтага прыйдзецца аформіць новае пагадненне. “Вам пералічуць крэдыт на беларускія рублі. Датэрміновае пагашэнне таксама прадугледжваецца пагадненнямі. Адразу можна пагасіць крэдыт — ільготны ці спажывецкі.”


 Валютныя пераводы ў “Беларусбанку” можна здымаць у доларах ці еўра. “Любы перавод захоўваецца ў сістэме тры месяцы. І калі не будзе валюты, то яе закажуць. Чакаць прыйдзецца не болей трох дзён”.

У “Альфа-банку” Еўрарадыё распавялі, што пагашаць валютныя крэдыты рублямі можна, але толькі па графіку. “Аплачваць можна роўна столькі, сколькі вы павінны ў гэтым месяцы. Пераводы кліент можа атрымоўваць валютай. Калі на бягучы рахунак паступаюць долары ці еўра, вы можаце зняць таксама долары ці еўра”.

Падобная сістэма і ў “Белгазпрамбанку” — валютныя крэдыты беларускімі рублямі пагашаюцца толькі ў сумах планавага пагашэння. “Кліент, які бярэ крэдыт у валюце, павінен разлічвацца таксама валютай. Чалавек проста купляе валюту ў абменніку і пагашае плацяжы. Цяпер, на жаль, мы не можам прадаць вялікую суму валюты. Зараз банк можа прымаць рублі толькі па графіку. Але гэта ўжо іншыя інтэрэсы, каб у кліента не было пратэрміноўкі”.

Валютныя пераводы ў “Белгазпрамбанку” можна здымаць і ў доларах і ў еўра.  Пагасіць рублямі валютны крэдыт у “Белзнешэканамбанку” можна толькі па графіку. “Калі чалавек не можа ў касе купіць долары, ён звяртаецца ў банк. Мы безнаяўна прадаем валюту на суму пагашэння. Раней праблемы не было, пытанне ўзнікла зараз з-за абмежаванняў нацбанку. Гэта пачалося тыдзень ці паўтары таму”.

Пры атрыманні валютнага пераводу праблем не ўзнікае. “Адзінае, можа спатрэбіцца 1-2 дні, каб пачакаць валюту, калі пэўнай сумы не будзе ў касе".

 
Яшчэ адзін буйны банк — “Прыорбанк” — дазваляе датэрмінова разлічыцца рублямі за валютны крэдыт.Валютныя пераводы здымаць у доларах ці еўра таксама можна. “Гэта можна зрабіць, толькі вам трэба будзе загадзя заказаць грошы. Калі грошы паступяць на рахунак, вы патэлефануеце нам і праз тры дні зможаце зняць валюту”, — распавялі ў банку Еўрарадыё. 

Каб аплачваць валютны крэдыт рублямі ў “ВТБбанку” трэба адкрыць бягучы рахунак. Гэта каштуе 10 долараў ці 20 тысяч рублёў. “Пагашэнне адбываецца выключна па графіку. Перавод можна атрымаць у валюце, калі яна ёсць у наяўнасці”.