Аршанскія праваслаўныя будуць маліцца па-беларуску
Беларускамоўныя малітвы загучаць у Свята-Пакроўскім храме — колішнім базылянскім кляштары.
З такой ініцыятывай беларускамоўныя вернікі і аршанскія краязнаўцы звярнуліся да манахіні Даніілы. Менавіта яна на сённяшні дзень адказная за рэстаўрацыю будынка былога Базылянскага манастыра. Ладзіць паўнавартасныя літургіі па-беларуску сёння ў Оршы немагчыма: у прыхода няма ўласнага святара, а ў горадзе няма аніводнага беларускамоўнага праваслаўнага святара, які мог бы правесці такое набажэнства.
Тым не менш, паведамляе Аршанскі рэгіянальны партал, было вырашана пачаць беларускамоўныя супольныя малітвы і духоўныя сустрэчы. Гэта можа праходзіць і без запрашэння святара. У будучыні плануецца развіваць выкарыстанне мовы ў прыходзе. Першая беларускамоўная сустрэча можа прайсці ўжо на свята Пакрова Божай Маці — 14 кастрычніка.
Ініцыятары беларускамоўных набажэнстваў мяркуюць, што малітвы на роднай мове актывізуюць беларускамоўную грамаду Аршаншчыны і дапамогуць хутчэй сабраць сродкі на рэстаўрацыю будынка былога манастыра. Дагэтуль у Оршы беларуская мова ў малітвах гучала толькі ў каталіцкіх парафіях.
Фота — orshaonline.com