"Аўтарадыё" і Мінінфармацыі рассудзяць лінгвісты?
Ужо трэцяе па ліку пасяджэнне Вышэйшага гаспадарчага суда не паставіла кропку ў разборы "Аўтарадыё" і Міністэрства інфармацыі.
Сёння суд зноў выслухаў довады бакоў наконт правамернасці спынення вяшчання "Аўтарадыё" і прызначыў наступнае пасяджэнне на 9 сакавіка.
Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё дырэктар радыёстанцыі Юры Базан, вырашана прыцягнуць да працэсу спецыялістаў у галіне мовазнаўства. Яны правядуць лінгвістычную экспертызу той самай інфармацыі, якая, на думку Мінінфарма, ўтрымлівала "заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці". Навукоўцам-мовазнаўцам давядзецца даследаваць фразу "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы" з перадвыбачага роліка кандыдата Андрэя Саннікава.
Як адзначыў Базан, на наступным пасяджэнні лінгвісты "скрыжаваўшы свае філалагічныя паюлі і прыйдуць да нейкага меркавання".
Між тым, довады "Аўтарадыё" аб неправамернасці санкцыяў зводзіліся, перш за ўсё, да таго, што ў эфіры прагучалі агітацыйныя матэрыялы зарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты. На дзяржаўным тэлебачанні і радыё таксама вялася агітацыя, прычым многія выступленні мелі яшчэ больш жорсткія формы, чым фраза аб "кухні і плошчы".