Бабруйчан накормяць прадуктамі ніжэйшага гатунку
Кіраўніцтва горада рыхтуецца напоўніць крамы таннымі прадуктамі мясцовай вытворчасці.
Усё гэта робіцца пад гутаркі пра паніжэнне кошту на імпартныя тавары.
Якасць тавараў у большасці бабруйскіх крамаў моцна знізілася. Крупы цяпер пераважна першага гатунку. Тое самае і з кілбасамі: найбольшы выбар — сярод тавараў 1-га і 2-га гатунку. Мясныя прадукты бываюць пратэрмінаваныя, але прыбіраць з паліцаў прадаўцы не спяшаюцца.
На планёрцы 27 чэрвеня ў Бабруйскім гарвыканкаме абмяркоўваліся харчовыя пытанні горада. Старшыня гарвыканкаму Дзмітры Бонахаў запатрабаваў рэгулярна даваць яму звесткі пра выраб бесартавой кілбасы, танных гатункаў хлеба і 1,5-адсоткавага малака на бабруйскіх прадпрыемствах. Цяпер адсотак танных прадуктаў на прылаўках гарадскіх крам невялікі. І старшыня гарвыканкама хоча дамагчыся яго росту, піша газета "Вечерний Бобруйск".