Банк ЕўрАзЭС заклікае Мінфін Беларусі спыніць друкавальны станок

Па звестках "Хартыі'97", пра гэта гаворыцца ў дакуменце экспертаў ЕАБР. Яны правялі сваю ацэнку справаздачы Мінфіна, які распавядаў пра выкананне ўмоваў другога транша Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Эксперты адзначылі, што з-за празмернага стымулявання ўнутранага попыту дагэтуль не ўдалося вырашыць ключавую праблему эканомікі Беларусі — крытычна высокі дэфіцыт рахунку бягучых аперацый. Гэта, у сваю чаргу, выклікала трохзначную інфляцыю і нарастанне праблем у банкаўскім сектары.

Банкіры параілі беларускім уладам спыніць эмісійнае фінансаванне дзяржаўных праграм і зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку. У тым ліку яны рэкамендавалі павысіць рэальныя працэнтныя стаўкі.