Барысаўская арганізацыя АГП аспрэчвае правамоцнасць снежаньскага ператрусу

У скарзе, накіраванай у пракуратуру, змяшчаецца просьба праверыць законнасць пастановы старэйшага следчага Дарашэвіча А. В. аб правядзенні ператрусу ў офісным памяшканні арганізацыі і законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Барысаўскага РУУС, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Ператрус быў праведзены 22 снежня 2010 года. У скарзе, якую падаў старшыня Барысаўскай арганізацыі АГП Міхаіл Васільеў, указана, што "характар канфіскацыі сведчыць аб тым, што мэты яе правядзення далёкія ад расследавання абставінаў крымінальнай справы". Канфіскацыі падвергнуліся бланкі актаў аб парушэнні выбарчага заканадаўства; розныя заявы, пратаколы па мінулым выбарчым кампаніям; інфармацыйныя матэрыялы, якія страцілі сваю актуальнасць; два сцягі з афіцыйнай сімволікай партыі АГП і прафсаюза РЭП. Канфіскаваная маёмасць да гэтага часу не вернута.

"Увогуле, сцягі, мабыць, самае каштоўнае з канфіскаванага, - тлумачыць Васільеў. - Тым не менш, я лічу, што самім фактам правядзення ператрусу, прычым, у адсутнасць членаў Барысаўскай арганізацыі АГП, былі парушаныя нашы правы. Вельмі спадзяюся, што абласная пракуратура разбярэцца ў сітуацыі, кіруючыся законамі Беларусі".