БАТЭ будзе працаваць з прэсай як Аякс і ПСЖ

Барысаўскі БАТЭ стане больш адкрытым для прэсы. Клуб нават распрацаваў адмысловы дакумент. Асноўная прычына, якая падштурхнула распрацаваць такі дакумент – крытыка футбольнага клуба ў залішняй закрытасці.

"Мы вывучылі досвед галандскіх "Аякса" і "Твентэ", парыжскага "Пары-Сэн-Жэрмена", часткова кіеўскага "Дынама" і прышлі да высновы распрацаваць парадак супрацоўніцтва са СМІ", – распавядае прэс-сакратар барысаўскай каманды Сяргей Дашкевіч. – Раз на месяц будуць ладзіцца планавыя прэс-канферэнцыі з удзелам галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнкі ў Мінску. Такім чынам, не трэба будзе ехаць у Барысаў, каб задаць пытанне. Да таго ж хочацца спрасціць працу галоўнага трэнера. Такія мерапрыемствы дазволяць пазбегнуць патрэбы адказваць на адны і тыя пытанні шмат разоў для шматлікіх СМІ".

Нагодай для пазапланавых прэсавых прэс-канферэнцый, па словах Дашкевіча, можа стаць матч з мінскім "Дынама", набыццё вядомага гульца ці будаўніцтва новага стадыёна ў Барысаве.