БАЖ заклікае КДБ адклікаць з суда заяву
Аб прызнанні фотаальбома "Прэс-фота Беларусі — 2011" экстрэмісцкім.
"Мы мяркуем, што сам факт судовага разгляду пытання пра "экстрэмізм" у фотаздымках з'яўляецца абсурдным, — гаворыцца ў звароце грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" да начальніка ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа. — Фотаздымкі гэтага альбома не ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі ілюструюць рэальнасць. Яны па азначэнні не могуць "утрымліваць свядома скажоных, не адпаведных рэчаіснасці домыслаў пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь".
БАЖ падкрэслівае, што прэтэнзіі экспертнай камісіі да падборкі матэрыялаў фотаальбома сведчаць "аб прадузятых адносінах саміх экспертаў, а не стваральнікаў альбома".
Эксперт КДБ пра альбом Belarus Press Photo: Мне спадабаліся здымкі
Нагадаем, мінулай восенню 41 асобнік фотаальбома “Беларусь Прэс Фота 2011” не здолеў пераехаць літоўска-беларускую мяжу — альбомы канфіскавалі мытнікі. Раней у Беларусь гэтыя альбомы ўвозіліся афіцыйна, для чаго былі зробленыя ўсе неабходныя дакументы. 5 красавіка сёлета адна з арганізатараў конкурсу, Юлія Дарашкевіч, атрымала ліст з КДБ, згодна з якім у выданні “утрымліваюцца мэтанакіравана змененыя, не адпавядаючыя рэчаіснасці здагадкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь”, а сам альбом “прыніжае нацыянальны гонар”. Фотаальбом прызналі экстрэмісцкім на падставе экспертнай ацэнкі. На 17 красавіка Юлію Дарашкевіч выклікалі ў суд Ашмянскага раёна.