Беларусі не хапае 8-11 млрд долараў

Магчымыя 3 млрд долараў крэдытнай падтрымкі з боку Расіі (міждзяржаўны крэдыт у 1 млрд і 2 млрд крэдытаў ЕўрАзЭС) не змогуць закрыць патрэбы Беларусі ў валюце ў 2011 годзе. Агульны "валютны дэфіцыт" ацэньваецца ў 8-11 млрд долараў (прагназаваны дэфіцыт знешняга гандлю + выплаты па дзяржаўнай і агульнай замежнай пазыцы). Такія разлікі прыводзяцца ў чарговай аналітычнай нататцы экспертаў банка Raiffeisen, што прысвечаная сітуацыі ў Беларусі.

У сувязі з гэтым, на думку экспертаў банка, выратаваць краіну ад недахопу валютнай ліквіднасці можа толькі шырокамаштабная прыватызацыя і новая  праграма крэдытавання МВФ у аб'ёме 5-10 млрд долараў.

Аблегчыць долю беларускай эканомікі дапаможа 30% аднамаментная або фарсіраваная дэвальвацыя беларускага рубля, а таксама крэдытная падтрымка з боку расійскіх банкаў.

У той жа час дарога на рынак еўрабондаў для Беларусі закрытая праз высокі кошт запазычванняў і недавер інвестараў. Каб змяніць сітуацыю, улады мусяць адмовіцца ад дырэктыўных прагнозных паказчыкаў росту эканомікі або даць гарантыі дастатковага для пакрыцця валютнага дэфіцыту знешняга фінансавання.

"Рынкі, хутчэй за ўсё, запатрабуюць пераканаўчую сярэднетэрміновую стратэгію кіравання знешняй пазыкай і зніжэння знешніх дысбалансаў, у тым ліку скарачэння дэфіцыту плацёжнага балансу", — адзначаецца ў аналітычнай нататцы, перадае АФН.