Беларусь — еўрапейскі лідар па росце спажывецкіх коштаў
Такое лідарства нашая краіна трымае ўжо некалькі месяцаў.
Параўнальныя звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Так, у кастрычніку ў параўнанні з вераснем спажывецкія кошты выраслі на 8,2%. У той жа час у Літве рост склаў 0,1%, Расіі — 0,5%, Венгрыі ды Польшчы — 0,7%. Ва Украіне і Нямеччыне спажывецкія кошты зусім не змяняліся. А ў Нарвегіі і Эстоніі яны нават панізіліся на 0,1%.
Як інфармуе БелаПАН, кошты на прадукты харчання і безалкагольныя напоі ў Беларусі ў кастрычніку выраслі амаль на 11%. У Нямеччыне, Іспаніі і Казахстане гэтыя тавары падаражэлі на 0,1%, Чэхіі — на 0,9%, Польшчы — на 1%. У Літве кошты на харчаванне зменшыліся на 0,1%, Украіне — на 0,3%, Эстоніі — на 1,1%.
Лідзіруе Беларусь і па росце коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі: яны ў кастрычніку павялічыліся на 5,3%. У гэты ж час у Польшчы "камуналка" падаражэла на 0,6%, Украіне — 0,3%, Расіі, Літве — 0,2%. У Латвіі і Нарвегіі кошты на "камуналку" знізіліся на 0,3%.