Беларусь пакідае сталы прадстаўнік МВФ
Наталля Калядзіна, якая адпрацавала на гэтай пасадзе ў Мінску тры гады, з’язджае 6 красавіка. Новы прадстаўнік фонду не прызначаны.
У інтэрв’ю Interfax.by Наталля Калядзіна заявіла, што вынікамі сваёй працы ў Беларусі задаволеная. За гэты час была рэалізаваная паспяховая праграма стэнд-бай, узаемаадносіны паміж прадстаўнікамі фонду і беларускімі чыноўнікамі палепшыліся. Пры гэтым не ўдалося правесці перамовы па новай праграме Міжнароднага валютнага фонду ў нашай краіне. Калядзіна таксама адзначае, што ў межах праграмы стэнд-бай Беларусь мела магчымасці правесці структурныя рэформы ў эканоміцы і калі б усе планы рэалізаваліся, то можна было б дасягнуць вялікіх поспехаў цягам некалькіх год.
Перадумоваў для новай праграмы МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна пакуль не бачыць. Прычым гэта звязана не з палітычнымі праблемамі ва ўзаемаадносінах краіны з Еўрасаюзам. На практыцы любая праграма можа быць падтрыманая фондам, але ж яго эксперты не бачаць крыніцаў для запланаванага ў Беларусі эканамічнага росту. У іх выклікаюць сумневы эканамічны рост на 5-5,5%, зніжэнне інфляцыі да 19-22%. Таксама МВФ не вітае дзяржаўнае рэгуляванне коштаў, да якога ўлады вярнуліся ў канцы мінулага года.
Наталля Калядзіна таксама нагадала, што Міжнародны валютны фонд не выдае крэдыты на рэструктурызацыю ранейшых запазычанасцяў. Яго мэта — макраэканамічная стабілізацыя, пры дасягненні якой краіна зможа аддаць крэдыт.
Абавязкі Наталлі Калядзінай у Беларусі будзе выконваць Марк Ален — сталы прадстаўнік фонду ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ален мае вялікі досвед працы з пераходнымі эканомікамі: з 1990 па 1993 год ён працаваў у Польшчы, а з 1996 па 1998 — у Венгрыі. У тыя часы абедзве краіны балюча перажывалі эканамічную трансфармацыю.