Беларусь прапаноўвае расіянам экскурсіі ў стылі “назад у СССР”
Незвычайную экскурсію прапанавала адна з віцебскіх турыстычных фірм — сустрэчу Новага года ў савецкім стылі.
У праграме шмат тагачасных элементаў. На стале будзе салат аліў’е, селядзец пад шубай, ліманад “Бураціна”, катлета па-кіеўску і дэфіцытны фінскі сервелат. На сцэне — музыканты, якія спяюць савецкія хіты. Пад ёлачкай — карагод, чытанне вершыкаў ды розныя тагачасныя гульні. Асабліва актыўных абяцаюць прыняць у піянеры.
У турфірме раюць аформіць заказ да сярэдзіны лістапада. Маўляў, турбаза не беспамерная. Цікава толькі тое, што сустрэча Новага года па-савецку прапанаваная… расійскім турыстам. І цэны на сайце пазначаныя ў расійскіх рублях. “На дэсерт” турыстам прапанаваны танны шопінг па беларускіх крамах. Але ў фірме запэўнілі, што калі беларусам так ужо захочацца вярнуцца назад у СССР, то іх таксама абслужаць. Толькі заплаціць давядзецца ўсе ж расійскімі грашыма ці, у крайнім выпадку, беларускімі — па курсе.