Беларусь прыцэньваецца да катарскіх нафты і газу?
Некаторыя СМІ звязалі нядаўні візіт памочніка прэзідэнта па нацбяспецы Віктара Лукашэнкі ў Катар з пошукамі новага пастаўшчыка энерганосьбітаў.
Каментуючы гэтую версію ў жывым эфіры Еўрарадыё, эканаміст Сяргей Чалы падкрэсліў, што гаворка можа ісці толькі пра далёкую перспектыву. Сёння ж пастаўкі катарскай нафты эканамічна немэтазгодныя (варыянты з Азербайджанам і Венесуэлай больш прапрацаваныя), а звадкаванага газу — практычна нерэальныя.
Як патлумачыў Чалы, Катар з'яўляецца найбуйнешым пастаўшчыком звадкаванага газу ў Еўропу. Аднак у Беларусі няма тэхнічных магчымасцяў яго атрымання і рэгазіфікацыі. Будаўніцтва падобных тэрміналаў пакуль толькі плануюць распачаць нашыя суседзі Польшча і Літва. Нашая краіна выказвае поўную зацікаўленасць толькі на словах.
"Тэма паставак энерганосьбітаў з Катара, верагодна, абмяркоўвалася. Але зараз гэта могуць быць толькі папярэднія прыкідкі", — мяркуе эканаміст.