Беларусаў чакае таварны дэфіцыт?

Дырэктар мінскага ўніверсама "Юбілейны-92" Уладзімір Нярозя мяркуе, што з паліцаў будуць знікаць не толькі імпартныя, але і некаторыя беларускія тавары.

"Сёння многія фірмы стаяць у чарзе на біржы, каб купіць валюту, але яе няма. Адпаведна, няма магчымасці закупляць імпартныя тавары, што аўтаматычна вядзе да дэфіцыту. Гэта ж можа адбыцца і з шэрагам беларускіх тавараў. Мала хто з нашых вытворцаў прадуктаў харчавання працуе выключна на айчынай сыравіне. У многіх імпартны складнік даходзіць да 20%, а то і 50%".

Па словах Нярозі, пакуль запасаў імпартных харчовых тавараў хапае: "Але што будзе да траўня, прагназаваць складана. Калі нічога не зменіцца, наступствы могуць быць нават горшыя, чым мы мяркуем", перадаюць "Беларускія навіны".