Беларуска Надзея Скардзіна ўзяла "бронзу" ў спрынце
Біятланістка добра прайшла па дыстанцыі і не зрабіла промахаў на агнявых рубяжах. Гэта лепшае індывідуальнае дасягненне Надзеі ў яе кар'еры.
Як вядома, Дар'я Домрачава не выступала — яна прыхварэла.
Этап Кубка свету праходзіць у Славеніі. Надзея Скардзіна саступіла пераможцы ў спрынце, чэшцы Габрыэле Саўкалавай, 30,1 секунды. На другім месцы немка Марыям Геснер, якая апярэдзіла беларуску на 28 секундаў.
Адзначым, што іншыя беларускі паказалі наступныя вынікі: Надзея Пісарава — 21-я, Ірына Крыўко — 52-я, прычым не дапусціла промахаў на агнявых рубяжах, Людміла Калінчык — 54-я (2 промахі), Настасся Дубарэзава — 76-я (6 промахаў).
Надзеі Скардзіне 27 гадоў, яна — ўраджэнка Санкт-Пецярбурга (са шматдзетнай сям'і), жыве ў Мінску. Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт. Лепшым дасягненнем Скардзіны на этапах Кубка свету быў мінулагодні бронзавы медаль у эстафеце.
Фота — allbiathlon.com