Беларуская амбасада адцэнзуравала выставу ў Варшаве

Як паведамляе партал TUT.BY, за пяць хвілін да ўрачыстага адкрыцця беларуская амбасада зняла частку экспазіцыі. З яе знялі некалькі карцін, якія намякалі на савецкую мінуўшчыну Беларусі і абмежаванні свабодаў у нашай краіне. Знялі таксама партрэты Сталіна і Леніна. Гэтая сітуацыя выклікала неўразуменне ў мастакоў і гледачоў.

Дыпламаты кажуць, што арганізатар выставы — кампанія "Зубр Капітал" — не ўзгадніла правядзенне выставы і яе змест.

Прэс-аташэ беларускай амбасады ў Варшаве Аляксей Зелянко заяўляе, што зняць частку работ вырашыў суарганізатар выставы — Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы. На думку прадстаўнікоў цэнтра, частка работ не магла выстаўляцца ў тым месцы, дзе праводзілася выстава, з этычных меркаванняў. Дыпламат кажа, што насупраць выставы стаяць будынкі Савета міністраў. Па яго словах, некаторыя работы прызначаныя хутчэй для камернага паказу, а не для адкрытага — гэта работы "катэгорыі 18+".

Агулам каля ўваходу ў Батанічны сад Варшавы цяпер размяшчаецца каля 30 рэпрадукцый беларускіх мастакоў. Нагадаем, што ў Мінску выстава Zabor дэманстравалася 2,5 месяца. Тут цэнзура не забараняла згаданыя карціны.

Фота выставы Zabor у Мінску — nv-online.info