Беларускі бензін зменіць экспартную арыентацыю

Урад Расіі падвысіў з 1 траўня экспартныя мыты на светлыя нафтапрадукты з 67% да 90% стаўкі мыты на нафту. Гэта фактычна стала кантрольным выстралам у беларускую нафтаперапрацоўку, піша АФН.

Падвышэнне стаўкі мыты аўтаматычна распаўсюджваецца на беларускія НПЗ і ператварае экспарт нафтапрадуктаў у рэзка стратны від дзейнасці.

Расія падвышае мыты да забароннага ўзроўня ў сувязі з рэзкім дэфіцытам нафтапрадуктаў у Расіі, фактычна вымушаючы нафтатрэйдараў разгортваць экспартную плынь нафтапрадуктаў назад у краіну. Беларуская нафтаперапрацоўка традыцыйна працавала на экспарт, прыбыткі ад якога да нядаўняга часу пакрывалі стратныя пастаўкі на ўнутраны рынак.

Беларускія НПЗ могуць разгарнуць экспарт нафтапрадуктаў толькі ў адным кірунку — на расійскі рынак. І як кажуць прадстаўнікі галіны, гэтае рашэнне неабходна было прымаць ужо даўно, не чакаючы падвышэння экспартных мыт на нафтапрадукты ў Расіі.

Дэфіцыт бензіну расійскіх АЗС, які, на думку ўлад РФ, справакаваны картэльнай змовай, прывёў да таго, што аптовая цана на тону бензіну А92 за 2 дні ўзляцела з 28 тыс. да 33 тыс. рублёў, а попыт перавышае прапанову ў 30 разоў.