Беларусы Еўропы дзякуюць Джуду Лоў, Кевіну Спэйсі і кангрэсмену Сміту
Тым, хто падтрымаў іх у снежні 2010 года.
З падзякамі звярнуліся беларускія асяродкі з Польшчы, Украіны, Францыі, Вялікабрытаніі, Латвіі ды Літвы.
16 снежня яны даслалі зварот да 10 палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якія выказалі падтрымку беларускай дэмакратыі ў снежні мінулага года. Адрасатамі сталі дэпутатка бундэстагу Марылуіза Бек, славак Павел Дэмеш з Трансатлантычнай супольнасці Нямецкага фонду Маршала, амерыканец Дэвід Крэмер з Дому Свабоды, брытанскі актор Джуд Лоў, польскі дэпутат Еўрапарламенту Марэк Мігальскі, рэдактар расійскай "Новой газеты" Дзмітрый Муратаў, амерыканскі кангрэсмен Крыстафер Сміт, амерыканскі актор Кевін Спэйсі, брытанскі драматург і рэжысёр Том Стопард, віцэ-старшыня Парламенцкай камісіі Савета Еўропы літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс.
Ініцыятары звароту адзначылі, што дзякуючы рашучасці гэтых людзей увесь свет пачуў голас беларускіх вязняў сумлення. "Вы далі надзею пакаленню беларусаў, якія кідаюць выклік гэтаму рэжыму дзеля ідэалаў свабоды і дэмакратыі, у якія яно глыбока верыць", — гаворыцца ў звароце.