Беларусы маюць шанец бясплатна наведаць Японію
Улады гэтай краіны аплоцяць 10 тысяч авіябілетаў для турыстаў, каб палепшыць імідж пасля аварыі на АЭС.
Урад Японіі мае намер выдаць бясплатныя авіябілеты 10 тысячам замежных турыстаў, якія вырашылі наведаць краіну ў перыяд з 1 красавіка 2012 года па 31 сакавіка 2013 года. Гэта зробяць для павелічэння колькасці замежных гасцей, якая рэзка скарацілася пасля катастрафічных стыхійных бедстваў і аварыі на АЭС “Фукусіма-1”.
Прэтэндэнтаў на бясплатныя авіябілеты будуць набіраць па інтэрнэце, пераможцаў вызначаць пасля таго, як яны адкажуць на шэраг нескладаных пытанняў. У прыватнасці, аб маршруце і часе сваёй вандроўкі. Падчас знаходжання ў Японіі гэтых людзей папросяць весці блогі, дзе яны будуць распавядаць пра свае ўражанні, паведамляе "Газета.ру".