BISS адхрышчваецца ад перагляду "спісу неўязных"
Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільня) не выступаў з ініцыятывай перагледзець спіс неўязных у ЕС чыноўнікаў.
Пра гэта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН заявіў акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік.
Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што з такой ініцыятывай выступае брусэльскі офіс "За дэмакратычную Беларусь". Кіраўніца офіса Вольга Стужынская заявіла, што ідэю падтрымаў шэраг экспертаў і палітыкаў. Са спісу прапаноўвалася выкрасліць рэктараў ВНУ, бізнэсоўца Пефціева, шэраг журналістаў.
6 лютага мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра Мікалай Халезін у сваім блогу напісаў, што ідэя належыць "маладым прагматыкам", аб'яднаным вакол зарэгістраванага ў Літве інстытута BISS. У іх ліку Халезіин назваў палітолагаў Юрыя Чавусава, Дзяніса Мельянцова і Аляксея Пікуліка.
Сам Пікулік заявіў, што высока цэніць супрацоўніцтва з брусэльскім офісам. Але BISS нібыта не толькі не меў дачынення да перагляду "чорнага спісу", але і не чуў раней пра гэтую ініцыятыву. Па словах Пікуліка, супрацоўнікі BISS абмяркоўвалі адкрыты ліст, у якім ставілася пад сумнеў эфектыўнасць пашырэння візавых санкцый. Аднак у гэтым лісце нібыта не было ніякіх імёнаў, якія варта выключыць з "чорных" спісаў.