БНФ не выключае пераезду ў іншы горад

Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з кіраўнікоў партыі БНФ Рыгор Кастусёў: “Зразумела, што паседжанне скончылася не на нашу карысць, а на карысць ЖЭУ Савецкага раёна горада Мінска”.

Еўрарадыё: Але партыя на гэтым не спыніць свае спробы адстаяць управу?

Кастусёў: “Чарговае паседжанне суда адбудзецца 14 чэрвеня, мы, зразумела, будзем падаваць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі і добраахвотна гэтае памяшканне мы не пакінем”.

Еўрарадыё: У вас было пагадненне з ЖЭУ, што яны заключаць з вамі дамову на арэнду на тры гады. Але замест гэтага вас высяляюць. Ці прымае гэты факт суддзя да ўвагі?

Кастусёў: “Так, было такое вуснае пагадненне з ЖЭУ. Але ў нас яшчэ было два гарантыйныя лісты Упраўлення маёмасці Мінскага гарвыканкама на тое, што пасля заканчэння дамовы ў гэтым годзе з намі будзе заключана дамова на тры наступныя гады”.

Еўрарадыё: Вы сустракаліся таксама і са старшынём мінгарвыканкама?

Кастусёў: “Са старшынём мінгарвыканкама мне не ўдалося сустрэцца: мяне проста да яго не пусцілі. Аднак двойчы мне ўдалося сустрэцца з яго намеснікам. Спачатку ён абяцаў дапамагчы, але пасля другой сустрэчы сказаў, што нас будуць высяляць. Зразумела, што гэта палітычнае рашэнне і гэты чалавек не мог не выканаць загаду, які паступіў яму зверху”.

Еўрарадыё: Ці шукаецца нейкае іншае месца для сядзібы партыі БНФ?

Кастусёў: “Справа ў тым, што нашы спробы заключыць дамову на арэнду памяшкання разбіваюцца ўшчэнт. Некаторых прадпрымальнікаў запалохалі да такой ступені, што яны баяцца з намі нават размаўляць. Я ўжо не кажу пра тое, каб прадаставіць памяшканне пад управу партыіі БНФ. Апошнім часам здараецца такое, што людзі ўжо гатовыя да падпісання кантракта, але ў самы апошні момант мяняюць сваё рашэнне. Зразумела, што пэўныя загады паступаюць ад уладаў”. 

Еўрарадыё: Страта юрыдычнага адраса можа прывесці да ліквідацыі партыі. Ці не ідзе гаворка пра перанос офіса партыі БНФ са сталіцы ў рэгіён?

Кастусёў: “Так, мы разглядаем і такія варыянты. Заўтра ў нас адбудзецца важная сустрэча, і з улікам таго, што ні ўлада, ні прадпрымальнікі не жадаюць прадаставіць нам офіса, будзе прымацца рашэнне. Магчыма, будзем шукаць юрыдычны адрас па-за Мінскам. Важна, каб партыя захавала рэгістрацыю”.

Еўрарадыё: Ці магчымы сілавы варыянт: вы зачыніцеся ва ўправе і не пажадаеце пакідаць яе?

Кастусёў: “Пра гэта думалі. Адназначна, што самі высяляцца не будзем. Хай улады высяляюць сілай”.

Еўрарадыё: Раней управа БНФ была такой своеасаблівай выспай свабоды, дзе можна было правесці любое мерапрыемства. Зараз і з гэтым праблемы. Можа і сапраўды варта памяняць месца на больш спакойнае?

Кастусёў: “Нашыя ўлады незалежна ад месца заўжды могуць зрабіць правакацыю. Вядома, што здараюцца набегі на розныя незалежныя арганізацыі. У нашай краіне ніхто не можа атрымаць поўную недатыкальнасць”.