Брэсцкую крэпасць бяруць у свае рукі расіяне?
На базе крэпасці ствараюць міжнародны культурна-турыстычны цэнтр. Мэта новага праекта — “ажыўленне” тэрыторый вакол мемарыялу.
Стратэгію працы на трохдзённым семінары абмеркавала міжнародная зборная экспертаў. Іх у новым брэсцкім гатэлі “Эрмітаж” сабрала расійская Асацыяцыя менэджараў культуры. Прысутнічалі таксама расійскі алігарх з брэсцкімі каранямі Уладзімір Мікулік і прадстаўнікі гарвыканкама.
У некаторых удзельнікаў гэтая праца выклікала пытанні, бо нядаўна была прынятая канцэпцыя гісторыка-культурнага комплекса “Брэст”, разлічаная на 15 гадоў. Два гады таму яе ўхваліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік аўтарскага калектыву кандыдат архітэктуры Міхаіл Гайдуковіч мяркуе:
Гайдуковіч: "Шкада страчанага часу. Неканструктыўная праца. Хіба можна нахапацца гэтай інфармацыі ды за пару дзён зрабіць усё? Гэта немагчыма. Тут або вялікая дурнота, або вялікая хітрасць. Мяркую, што дурнота".
Ёсць і іншыя меркаванні. Вельмі прывабныя для бізнэсоўцаў памежныя пераходы Варшаўскі мост і Казловічы побач з крэпасцю. Але на цяперашніх умовах сюды не ідуць інвестары.
Чатыры рабочыя групы экспертаў будуць працаваць над новай канцэпцыяй рэвіталізацыі Брэсцкай крэпасці да красавіка 2013 года. Потым заяўленыя дыскусія і пошук інвестараў. 
На фота:
1.Міхаіл Гайдуковіч і кіраўнік семінара кандыдат мастацтвазнаўства Сяргей Зуеў (Масква).
2. Пленарнае паседжанне семінару