Брэстаўчане адстаялі свае двары ад забудовы
Аптэку-новабудоўлю хацелі паставіць на месцы зоны адпачынку.
У двары дамоў 77 і 79 па вуліцы Суворава ў аўторак пабываў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, інфармуе сайт “Віртуальны Брэст”. Чыноўнік даведаўся пра бестэрміновы пікет будоўлі ды плакаты, якія вывешвалі жыхары на яе агароджы. Сумар прызнаў, што жыльцы знайшлі ў дакументацыі парушэнні. Ён паабяцаў, што дазвол на пабудову аптэкі ў гэтым месцы будзе адкліканы, а перакапаную зялёную зону адновяць.
Пратэстоўцы асабліва абураліся дэпутатамі гарсавета Наталляй Ільніцкай і Сяргеем Пухальскім. Замест таго каб абараняць інтарэсы выбарцаў, дэпутаты ўключалі ў дэлегацыі на перамовы ў гарвыканкаме сваіх людзей, а тыя лабіравалі пабудову аптэкі, піша “Віртуальны Брэст”.
Дарэчы, аптэка была б чацвёртай у гэтым раёне горада.
Фота “Віртуальны Брэст”: актывіст пратэстаў Фёдар Петрусевіч з памочніцай.