Брэстчанам Нікалаевым вярнулі кампутары, забраныя падчас ператрусу ў ліпені
Верагодна, тым самым з аднаго з іх знятае абвінавачанне ў падпале Дома правасуддзя ў сталіцы.
Брэстчанам Нікалаевым ва ўпраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці вярнулі два кампутары і ноўтбук, якія супрацоўнікі МУС адабралі пры ператрусе 4 ліпеня. Паводле папярэдняга агляду, яны ў спраўным стане. Верагодна, тым самым здымаецца абвінавачанне з сына Нікалаевых Ігара ў тым, што ён “мог дыстанцыйна кіраваць дзеяннямі па падпале Дома правасуддзя ў траўні”. Пакуль што дыпламаваны архітэктар Нікалаеў-малодшы, “каб пазбегнуць несправядлівага абвінавачання, знаходзіцца па-за межамі дасягальнасці беларускіх сілавікоў”.
Нагадаем, што 15 траўня невядомыя кінулі бутэльку з запальнай сумессю ў Дом правасуддзя ў Мінску, дзе ішлі суды па "справе 19 снежня". Ігара Нікалаева няўдала спрабавалі арыштаваць 3 ліпеня, нібыта, за ўдзел у “маўклівым пратэсце”.