Брэсцкі суд не падтрымаў прафсаюзных актывістаў
Яны абскарджвалі рашэнне гарвыканкама, які не дазволіў пікет “За годную працу” на 7 кастрычніка 2011 года.
Брэсцкія ўлады патрабавалі, каб заяўнікі загадзя заключылі дамовы з медыкамі, камунальнікамі і міліцыяй на абслугоўванне пікета.
Скаргу падаваў Валянцін Лазарэнкаў, кіраўнік абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага. Па яго словах, паліклініка і камунальнікі не падпісалі дамовы, бо не маглі вызначыцца, якое з падраздзяленняў дашле супрацоўніка на дзяжурства. А ў міліцыі заявілі, што будуць на пікеце і без дамовы, а аплату запатрабуюць пасля акцыі, кажа Лазарэнкаў.
Тым не менш, суд падтрымаў рашэнне гарадскіх уладаў. На думку Лазарэнкава, такое рашэнне парушае Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, сцвярджае прафсаюзны актывіст, парушаецца Закон аб масавых мерапрыемствах, які ніякіх дамоваў і аплаты авансам не прадугледжвае.
Лазарэнкаў кажа, што ў час крызісу людзі апынуліся пазбаўленымі законнага права на пратэст. Гэтыя дзеянні ўладаў ён лічыць правакацыяй. Прафсаюзнік хоча звярнуцца ў Брэсцкі аблвыканкам, каб чыноўнікі ўпарадкавалі абслугоўванне пікетаў.