Брэсцкі суд прыняў бок чыноўніка
Згодна з яго вердыктам, апазіцыянеры “заявілі пікет у недазволеным месцы”.
9 верасня суддзя Ленінскага раённага суда горада Брэста Алена Кавальчук вынесла рашэнне ў справе “апазіцыянеры супраць чыноўніка Хафізава”. У суд звярнуліся шасцёра грамадзянаў, якім намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў адмовіў у дазволе правесці акцыю. Адзін з заяўнікаў, кіраўнік моладзевага крыла абласной структуры АГП “Маладыя дэмакраты” Уладзімір Вуек, патлумачыў:
“Суд адмовіў нам у задавальненні скаргі на Брэсцкі гарвыканкам у сувязі з забаронай пікета на 7 ліпеня. Нібыта выбралі недазволенае для правядзення мерапрыемстваў месца. Суд не ўлічыў момант дыскрымінацыі грамадзян па прыкмеце палітычнай арыентацыі. Улады ў любы зручны для іх час ладзяць на плошчы Леніна мерапрыемствы, а нам адмаўляюць. Нягледзячы на тое, што адзіным месцам, дзе можна ладзіць масавыя мерапрыемствы, да нядаўняга часу быў стадыён “Лакаматыў”.
Але і на стадыёне цягам года такіх забаронаў Хафізаў падпісаў мноства, сказаў Уладзімір Вуек. А 7 ліпеня была вострая неабходнасць, бо знікалі людзі, іх выкрадалі невядомыя, таму апазіцыянеры хацелі звярнуць на гэта ўвагу.