Брэсцкім работніцам "Спортлато" пагражаюць звальненнем
Нагодай стала інфармацыя ў СМІ пра страйк работніц. Вядома прынамсі пра дзве прапановы звальнення.
Кіраўніца брэсцкага аддзялення "Нацыянальных спартовых латарэй" Ала Лукіна заявіла адной з рэалізатараў, што з ёй прыйдзецца развітацца. Брыгадзіру, якая ўстала на абарону падначаленай, таксама было прапанавана звольніцца.
Нагадаем, кіраўніцтва латарэі адмовілася заплаціць рэалізатарам у Брэсце надбаўку за працу ў халодны час года. На знак пратэсту працаўнікі заявілі, што 31 студзеня не выйдуць на працу.
Як распавялі Praca-by.info члены брыгады, якая абвясціла страйк, 31 студзеня кіраўніцтва сабрала іх і абвясціла рэвізію, каб нявыхад на працу не расцэньваўся як страйк. Ва ўсіх праверылі квіткі. Работніц прымусілі падпісаць тлумачальныя запіскі пра тое, што яны не давалі інфармацыю ў СМІ.
Цяпер прадаўцы латарэек рыхтуюць ліст на імя гендырэктара "Нацыянальных спартовых латарэй" з просьбай разабрацца ў сітуацыі.