Брэсцкія раварысты падораць адміністрацыі горада ровар
Адбудзецца гэта падчас фестывалю, які пройдзе сёлета пад Брэстам.
Пра гэта было заяўлена 24 ліпеня падчас прэс-прэзентацыі праекту "Брэст роварны". Яго арганізатарам выступіла моладзевае інтэрнэт-радыё "Radio START".
"Ідэя ўзнікла, калі мы думалі пра тое, як наладзіць супрацоўніцтва з уладаю. Мы вырашылі сыграць на аналалогіі з усім вядомым персанажам паштальёнам Печкінам. У яго не было равару, з-за чаго ён быў заўсёды сярдзітым, -- распавядае кіраўнік радыёстанцыі Зміцер Раманаў. -- Плануем, што падорым пад час фестывалю. Як зможам дамовіцца з адміністрацыяй гораду -- хто зможа яе афіцыйна прадставіць: мэр, губернатар, магчыма, галоўны архітэктар".
Роварны фестываль пройдзе напрыканцы жніўня ці пачатку верасьня пасля ўзгаднення з кіраўніцтвам Брэста. Са словаў арганізатараў, нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не было. Мэта мерапрыемства -- стварыць брэнд самага роварнага гораду Беларусі, спрыяльнага для раварыстаў, як мясцовых, так і замежных.