Брэсцкія раварысты займеюць уласны каляндар
Кампанія "За Вела-Брэст!" абвесціла штомесячны фотаконкурс на роварную тэматыку.
Па ўмовах конкурсу, удзельнічаюць аўтарскія здымкі з выявай раварыста ці групы раварыстаў на фоне пазнавальных месцаў Брэста. 12 прац-пераможцаў патрапяць у насценны каляндар 2013-2014 году, а іх аўтары атрымаюць каштоўныя прызы.
Са словаў каардынатара кампаніі Уладзіміра Красько, мэта конкурсу — папулярызацыя роварнага руху ў горадзе.
Красько: "Каляндар будзе зроблены накладам у 500 асобнікаў. Распаўсюджвацца будзе сярод тых, хто браў удзел у конкурсе. Гэта разам з лепшымі працамі (кожны месяц будуць узнагароджвацца па пяць канкурсантаў) — 60 чалавек за год. Таксама распаўсюдзім сярод велаклубаў, навучальных устаноў і нават гарадскіх уладаў".
Больш падрабязна з ўмовамі фотаконкурсу можна азнаёміцца на сайце АРР "Дзедзіч".