Брэсцкія студэнты абмеркавалі свае надзённыя праблемы

У сустрэчы, арганізаванай па ініцыятыве "Народнай праграмы", прынялі ўдзел каля 20 навучэнцаў брэсцкіх ВНУ. Разам яны паспрабавалі акрэсліць найбольш актуальныя цяжкасці, з якімі прыходзіцца сутыкацца падчас і пасля навучання. Сярод іх парушэнне правоў студэнтаў, павышэнне коштаў за навучанне, прымусовае размеркаванне. Асобным пунктам можна было выдзеліць карупцыю і праблему з інтэрнатамі. Амаль кожны з прысутных прывёў па некалькі прыкладаў, з якімі сутыкнуўся асабіста.

Што ж тычыцца сродкаў вырашэння ўзгаданых праблемаў, то да гэтага пытання студэнты аднесліся без асаблівага інтузіязму. Не дапамаглі і расповяды трэняроў праграмы аб тым, як выглядае навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах. Тым не менш слова ўзяў Зміцер Гаменюк - дырэктар Цэнтру развіцця студэнцкіх ініцыятыў. Прэзэнтуючы сваю арганізацыю, ён паведаміў пра яе экспертна-кансультатыўную функцыю, Са словаў Гаменюка, па дапамогу ў рэалізацыі студэнцкіх праектаў можа звярнуцца любы ініцыятыўны студэнт. Арганізацыя ж забяспеча патрэбнай інфармацыяй, каб юрыдычна накіраваць ідэю ў слушным накірунку.