Брэсцкія студэнты падлічваюць пасажыраў грамадскага транспарту

"Добраахвотнікаў" для падліку статыстыкі пасажыраплыняў у Брэсце знайшлі ў педагагічным універсітэце імя Пушкіна. На працягу некалькіх дзён у аўтобусах і тралебусах Брэста насупраць кожных дзвярэй будзе сядзець хлопец альбо дзяўчына з нататнікам. Мэта простая — запісваць, колькі чалавек і на якім прыпынку ўвайшло і колькі выйшла. 


Такім чынам "Брэстгартранс" вырашыў эканоміць на даследаваннях шчыльнасці маршрутаў грамадскага транспарту. Праца студэнтаў адбываецца выключна на валанцёрскай аснове i, вядома, паводле загаду кiраўніцтва БрДУ.


Пра гэта распавёў студэнт-трэцякурснік Сяржук: "Пасярод пары ў аўдыторыю ўвайшлi невядомыя людзi. Нi хто яны, нi якую арганiзацыю прадстаўляюць, нам не паведамiлi. Зачытаўшы спiс студэнтаў-бюджэтнiкаў, паставiлi перад фактам, што 19 траўня ў 4.30 ранку чакаюць нас у аўтобусным i тралейбусным парках — каму як "пашчасцiла"! I тое, што зараз сэсiя ў некаторых, нiкога не цiкавiць".